Я́ЎКА З ПАВІ́ННАЙ,
добраахвотны асабісты зварот (яўка) асобы, якая ўчыніла злачынства, з заявай аб ім у органы, што вядуць дазнанне, у пракуратуру, суд з намерам аддаць сябе ў рукі правасуддзя. У крымінальна-працэсуальным праве Рэспублікі Беларусь Я. з п. — адна з падстаў да ўзбуджэння супраць яе крымін. справы. У выпадку, калі той, хто прыйшоў з павіннай, паведамляе пра ўчыненне злачынства разам з інш. асобамі, ён папярэджваецца аб крымін. адказнасці за свядома лжывы данос. Заява аб павіннай можа быць пісьмовай і вуснай. Яна перадаецца органу дазнання, следчаму, пракурору або ў суд, аб чым складаецца адпаведны пратакол, у якім падрабязна выкладаецца: дзе і калі, пры якіх абставінах учынена злачынства, якімі данымі яно пацвярджаецца, матывы, што схілілі асобу прыйсці з заявай. Паводле крымін. права Рэспублікі Беларусь, Я. з п. з’яўляецца акалічнасцю, якая змякчае адказнасць.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 18, кн. 1, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)